БАР’Е́РЫ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНЫЯ,

бар’еры пашырэння, любыя перашкоды (геагр., фіз., хім і біял. характару) на шляху пашырэння віду або згуртавання папуляцый жывёл і раслін. Напрыклад, моры, акіяны, горы з’яўляюцца геагр. перашкодамі на шляху пашырэння наземных (мацерыковых, астраўных) жывёл або раслін; лясы перашкаджаюць пашырэнню стэпаў; адсутнасць насякомых (апыляльнікаў) пашырэнню энтамафільных раслін і інш.

Бар’еры біягеаграфічныя — адна з гал. прычын узнікнення і існавання эндэмікаў (гл., напрыклад, Аўстралійская біягеаграфічная вобласць). Высокая ступень эндэмізму фауны воз. Байкал (80—100%) тлумачыцца працяглай адарванасцю (з трацічнага перыяду) гэтага возера ад інш. цэнтраў відаўтварэння. Гасп. дзейнасць чалавека садзейнічае ўтварэнню новых, відазмяняе або ўстараняе існуючыя бар’еры біягеаграфічныя і садзейнічае пашырэнню карысных і шкодных відаў жывых арганізмаў.

т. 2, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)